Уладзімір Някляеў

Нарадзіўся 9 ліпеня 1946 года ў горадзе Смаргоні Гродзенскай вобласці. Вучыўся ў Мінскім элетратэхнікуме сувязі (1962-1966), на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута (1971, Масква), скончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (1973). Працаваў сувязістам на Поўначы, у Сібіры, на Далёкім Усходзе, радыёмеханікам у мінскім тэлевізійным атэлье. Заняўся журналістыкай, супрацоўнічаў у газеце «Знамя юности», рэдагаваў бюлетэнь «Тэатральны Мінск», быў старшым рэдактарам галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання, галоўным рэдактарам часопіса «Крыніца», штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». З 1998 па 2001 – старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Далее »

Мар’ян Дукса. Рокеры

Дзе тут цягацца з імі цыганцы!
 Ажно калоціцца сцэна шырокая.
 Перахліснуліся
 песні і танцы.
 Юны запал узрываецца…
 Рокеры!
 Рокеры,
 выйшлі з падполля цяпер вы
 (згінь, кансерватар!
 Кры-ывіцца ён яшчэ…).
 Гэта ж такое свята для нерваў,
 гэта такое жывое відовішча!
 Рыцары вы маладыя
 без страху —
 хтосьці пужлівы, пачуўшы,
 аж стуліцца…
 Добра,
 што з гэткім вялікім размахам
 вы супраць нечага ўсё ж пратэстуеце.
 Вашых паклоннікаў —
 цэлая плойма:
 «Не завалялася лішніх білецікаў?»
 …Можа б, вы толькі
 спявалі па-свойму —
 вам бы айчынных паболей сюжэцікаў!
 Штосьці б даўжэй у душы затрымалася,
 думка каб ззяла пад шумнаю шапкаю.
 Болей бы сэнсу!
 Каб не здавалася:
 нехта бразгоча пустою бляшанкаю/

Мар’ян Дукса. Дзе просьбаю, дзе ледзь не з плачам…

Дзе просьбаю, дзе ледзь не з плачам,
 з надзеяй выйшаўшы з варот,
 чатыры цяжкія задачы
 яна рашае кожны год.

Вясна ідзе — у нашай цёткі
 турбота першая нудзіць:
 ну як жа, як жа гэта соткі
 ў далёкім полі пасадзіць?

А пройдзе месяц-два — і зноўку
 даймае клопат без канца:
 як быць — ці ўдасца на кароўку
 прыдбаць і сёлета сянца?

А восень выгляне з бярозы,
 трывога сядзе на шчаку:
 як выбраць бульбу да марозу,
 дзе ўзяць на гэта талаку?

Яшчэ пытанне не пустое
 плыве па восеньскай смузе:
 а хто мне з лесу сухастоін
 вазоў хоць пару прывязе?

Тут ёсць удачы і няўдачы —
 усяк бывае на душы.
 Чатыры цяжкія задачы,
 хоць і няма ўжо сіл — рашы!

Ды ёсць цярпенне і карпенне,
 жыццё — з будзільнікам зары.
 I ходзяць старасць з утрапеннем,
 нібы ў абдымку, па двары.

Мар’ян Дукса. Выпускныя экзамены

Ці святкаваць свой першы перавал?
 Якое ззянне кветкавай даліны!
 На жаль, свабоднай ні адной хвіліны.
 Раскоша легкадумная — прывал.
 He лёс яшчэ — шматлікія цагліны.

Быў сонечнай размінкаю урок,
 гайдалі сэрца калыханкі-кніжкі.
 Жаданая цяпер не перадышка —
 у новы дзень спружыністы рывок,
 дзе зорны дождж і помслівыя шышкі.

Гарыць юнацтва меданосны сад,
 дзе так бунтоўна спее паўналецце,
 кіпіць між лісця захмялелы вецер.
 Hi кропелькі не верыцца, што град
 дзіцячых мрояў пасячэ суквецце.

У вузел пругкі волю завязаць,
 спаліць былую маску шалапута,
 напружыцца і развярнуцца крута
 і хоць бы сабе прыступам узяць
 у рэшце рэшт пагорак інстытута.

Своечасова стрэціць у жыцці
 чыю-небудзь спагаду ці апеку —
 за ўдачай мройнай гнацца, як па трэку.
 Ці ўдасца толькі з поспехам прайсці
 па конкурсу на званне чалавека?

Мар’ян Дукса. Вільня

Угору і ўшыркі
 ты ўпэўнена вырас,
 у даль і ў нябёсы ўглядаешся пільна.
 Спакойны,
 як старасць сумленная,
 Вільнюс,
 ці як мы завём па-тутэйшаму —
 Вільня…
 He зрушыла з месца
 ні часу навала
 цябе,
 ні бясконцая войнаў лавіна.
 О, колькі стагоддзяў ужо святкавала
 свае юбілеі гара Гедыміна!
 Як часта цябе
 на шыкоўныя карты
 наносілі прагна ва ўзбуджаным стане
 усе славалюбцы-тузы:
 банапарты,
 пыхлівыя кайзеры,
 фюрэры-здані.
 Іх раці назад адкаціліся ўсё-ткі
 панура і моўчкі,
 губляючы трэскі…
 Пра гэта раскажуць
 муры-аднагодкі,
 усё гэта бачылі даўнія фрэскі.
 Хоць вёсен тваіх адраілася многа
 і тысячы лісцяў
 з каштанаў упала,
 здаецца, натхнёнага і маладога
 на вузенькай вулцы
 сустрэну Купалу.
 З паглядам,
 дзе мары вялікія спелі,
 жаданні —
 пасобіць айчыне хоць крышку,
 каб ластаўкай
 родныя словы запелі,
 і родныя словы,
 і першыя кніжкі.

Мар’ян Дукса. Апакаліпсіс

Кіпеў акіян.
 Звар’яцелыя хвалі,
 як цацку, падкідвалі лайнер турысцкі…
 Да воблакаў з гулам густым узляталі
 салёныя пырскі.

I квола трашчалі заклёпкі і гайкі —
 выдатны метал стаў падатліва-ломкім.
 На тысячы міляў ні шхуны, ні чайкі —
 абломкі,
 абломкі…

Як лютая бура, знямогшыся, спала
 і сціхла яе нечуваная глотка,
 з дрымучых глыбіняў наверх усплывала
 падводная лодка.

Нядаўна шпурляла са дна акіяна
 свае мегатоны у свет шматгалосы…
 I грукала сэрца ў грудзях капітана:
 убачыць нябёсы!

Далее »

Мар’ян Дукса

Нарадзіўся 5 красавіка 1943 года ў вёсцы Каракулічы Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1958-1960 гг. займаўся ў Свірскай навучальні механізацыі, закончыўшы яе, працаваў у калгасе ўлікоўцам трактарнай брыгады, адначасова вучыўся завочна ў сярэдняй школе. У 1969 годзе скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта і пачаў працаваць настаўнікам Сольскай сярэдняй школы ў Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці.

На старонках рэспубліканскай перыёдыкі выступае з вершамі з 1960 года. Выдаў вершаваныя зборнікі «Спатканне» (1967), «Крокі» (1972), «Станцыя» (1974), «Прыгаршчы суніц»(1976), «Забытыя словы» (1979), «Зона супраціўлення» (1982), «Твая пара сяўбы» (1985), «Заснежаныя ягады» (1989). Аўтар кніг для дзяцей «Зялёны акварыум» (1980) і «Світаюць сосны» (1987).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя А.Куляшова (1990) за кнігу вершаў і паэм «Заснежаныя ягады».

Васіль Зуёнак. Упадзе на тваё плячо…

Упадзе на тваё плячо
Галава –
            як на плаху.
Што ж баішся ты –
                              не дзяўчо –
Сеч з размаху?..
Не бяжы,
             не ўцячэш ад сябе,
Памяць лодкай ударыцца ў бераг…
Буду клікаць цябе –
                            да цябе,
Буду клікаць.
                   І буду верыць.
Буду садам тваім па вясне,
Буду ў полі сцяжынкай забытай:
Перапёлка на золку засне –
Прыбягай дажынаць сваё жыта.
Буду цёплаю муравой
На тваіх лугах-сенажацях,
Буду ў Нёмана сіні сувой,
Як русалку, цябе спавіваць я,
Буду раніцай лёгкім дымком
Над страхой тваёй віцца ў просінь,
Буду ціхім дамавіком.
Сны жаданыя ў хату прыносіць.
Буду днём і ноччу лунаць
Над усмешкай тваёй
                          і над песняй…
…Прадчуванняў
                             напята струна.
Што забыта даўно, –
                              уваскрэсні!

Васіль Зуёнак. Вечар шостага жніўня…

Вечар шостага жніўня.
 Наш парог у трыццаты год.
 Дождж лятункам тужлівым
 Ападае на сад, агарод.

Ацяжэлае лісце
 Да мяне — праз маўчання мяжу —
 Зноў нясе, як у юным «калісьці»,
 Словы тыя, што сёння скажу.

Толькі ты ці пачуеш?
 За сцяной адзіноты маёй
 Перастылыя вёрсты начуюць,
 Што пабеглі ўслед за табой.

Я гукаю. I ты адгукніся.
 Побач стань, суцеш, абагрэй…
 Шэры плашч з перамоклым крыссем
 Моўчкі скінула ноч ля дзвярэй.

Субяседніца і вяшчуння —
 Чую твой асцярожны крок,
 Толькі знацца з табой не хачу я.
 Я не веру ў твой чорны змрок.

Веру я: перамелецца скруха,
 Зорка ўспыхне праз хмар насланнё.
 Слухай, любая, — чуеш? — слухай
 Гэтай ноччу дыханне маё.

Васіль Зуёнак. Непаўторнасць

Прыходзіць жа аднойчы
 Такая вышыня:
 Глядзяць прыроды вочы
 Штоночы і штодня.
 Глядзяць табе насустрач,
 Глядзяць табе наўслед.
 I ты ўжо — невідушчы —
 Бачыш цэлы свет.
 Адкрыецца такое
 З надхмарнай вышыні —
 Не зведаеш спакою,
 Не ўзнаеш цішыні.
 «Няма іх. I не будзе.
 Ніколі. I нідзе…» —
 Адкрыецца ў прысудзе,
 Што позірк той вядзе.
 Чытай па кнізе зорнай:
 Няма і не было…
 Жыццё — як непаўторнасць,
 Як непазбежнасць — тло.
 I ты іх вечны дольнік —
 Нікога не віні…
 Правідчае прадонне
 У гэтай вышыні.
 I непазбежнасць ночы,
 I непаўторнасць дня, —
 Усё яна — аднойчы —
 I тая ж — вышыня.
 I рвецца над сусветам
 Нязведаная ніць.
 I непаўторнасць гэту
 Рукою не злавіць.

Закрыть